ЗАЛО́ЗЫ ЎНУ́ТРАНАЙ САКРЭ́ЦЫІ, інкрэторныя залозы, эндакрынныя залозы,

органы жывёл і чалавека, якія выпрацоўваюць і выдзяляюць фізіялагічна актыўныя рэчывы (гармоны) непасрэдна ў кроў або лімфу. У іх адсутнічаюць вывадныя пратокі. Да З.у.с. належаць гіпаталамус, гіпофіз, эпіфіз, наднырачныя залозы, парашчытападобныя залозы, палавыя залозы (іх унутрысакраторныя элементы), шчытападобная залоза, астраўкі падстраўнікавай залозы. Эндакрынныя функцыі ўласцівы вілачкавай залозе, плацэнце, эндакрынным клеткам стрававальнага тракту (слінныя залозы, страўнік, кішэчнік), дыхальных шляхоў, нырак, сэрца, печані і інш. З.ў.с. шчодра забяспечваюцца крывёй, таму гармоны хутка паступаюць у кроў, з якой трапляюць да органаў, тканак і аказваюць спецыфічнае рэгулюючае дзеянне на метабалізм. З.ў.с. знаходзяцца паміж сабой у функцыян. залежнасці і складаюць цэласную эндакрынную сістэму, якая ажыццяўляе гарманальную рэгуляцыю ўсіх асн. працэсаў жыццядзейнасці. Разам з нерв. сістэмай З.ў.с. рэгулююць усе функцыі арганізма. Іх рэгулюючы цэнтр — гіпаталамус. Парушэнне функцый З.у.с. вядзе да цяжкіх эндакрынных захворванняў.

А.С.Леанцюк.

т. 6, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)